ПЯЧО́РСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН.

У Рэспубліцы Комі і Ненецкай аўт. акрузе Архангельскай вобл. Расіі. Размешчаны ў паўн. ч. Перадуральскага прагіну. Адкрыты ў 1924, прамысл. асваенне з 1934. Пл. каля 90 тыс. км². Балансавыя запасы 8,7 млрд. т, у т. л. разведаныя 8,2 млрд. т. Вугляносныя адклады пермскага ўзросту (магутнасць 1—7 км) уключаюць да 250 рабочых пластоў і прапласткаў (магутнасць 0,5—3,5 м, зрэдку да 30 м). Пераважаюць каменныя вуглі марак Б і Д, сярод каксаўных — маркі Ж. Здабыча падземным спосабам да глыб. 900 м. Адм. і прамысл. цэнтры — гарады Варкута і Інта.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)